- Reset + PDFПечать

"Прэзыдэнтка Эстоніі пра Беларусь у Эўразьвязе: «Гэта магчыма, калі паглядзець у далейшую будучыню»", Радыё Свабода

Прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд.
© Рэнэ Рыісалу

30.05.2017

Аляксей Знаткевіч


Прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд адказала на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC 2017 у Браціславе.

У кожнай краіны свая сытуацыя, але даволі вялікая частка эстонскага посьпеху грунтуецца на тым факце, што гэта краіна зь вельмі свабоднымі сродкамі масавай інфармацыі, што гэта вельмі празрыстая краіна і што яна паважала вяршэнства закону ад таго часу, што аднавіла сваю незалежнасьць.

Эстонія заўсёды настойвала на тым, што мы хочам быць лібэральнай і дэмакратычнай краінай. І мы ніколі не вагаліся ў гэтым пытаньні ці ў пытаньні свабоднага гандлю ўсе 25 гадоў незалежнасьці. Гэта даволі натуральна для маленькай адкрытай эканомікі — нельга дасягнуць эканамічнага посьпеху нейкім іншым спосабам. «Лічбавая Эстонія» — гэта, вядома ж, нешта ўласьцівае менавіта нам, але ёсьць іншыя прасунутыя ў гэтай сфэры краіны. Я маю на ўвазе «Лічбавую пяцёрку» [Вялікабрытанія, Ізраіль, Новая Зэляндыя, Паўднёвая Карэя, Эстонія], так што нават у гэтым мы не ўнікальныя.

Можна карыстацца нашым досьведам, але нам надзвычай пашанцавала і з палітычным лідэрствам, і з суседзямі. Нашая эканоміка вельмі шчыльна зьвязаная з эканомікамі Швэцыі і Фінляндыі. Без такіх суседзяў было б значна цяжэй дасягнуць росту эканомікі.

Мы не сутыкаемся з гэтым больш, чым іншыя краіны. Фальшывыя навіны ці спробы уплываць на дэмакратычныя працэсы не абмежаваныя нейкай геаграфіяй. Мы ў падобнай сытуацыі, як і Нямеччына, ЗША, тая ж Францыя, якая паказала вартую захапленьня ўстойлівасьць напярэдадні выбараў. Яны ня сталі публікаваць электронную перапіску, якую ім «зьлілі».

Мы да гэтага прызвычаіліся, бо мы ужо доўгі час сутыкаемся з расейскай прапагандай супраць незалежнай эстонскай дзяржавы. Нельга сказаць, што супраць нас стала больш такіх дзеяньняў за апошнія гады. Проста астатні сьвет стаў больш гэта заўважаць.

У той жа час мы непахісныя ў тым, што ў адказ будзем даваць збалянсаваную інфармацыю. Мы не адказваем контрапрапагандай ці абмежаваньнем доступу да іншых сродкаў масавай інфармацыі.

Я ня думаю, што мы на пярэднім краі ў нейкім іншым сэнсе акрамя геаграфічнага. Мы разам з нашымі саюзьнікамі і з эўрапейскімі партнэрамі супрацьстаім краіне, якая дзейнічае непрадказальна і не паважае ўласных подпісаў пад міжнароднымі пагадненьнямі. Тое, што мы самая паўночна-ўсходняя краіна NATO і разам зь Фінляндыяй самая паўночна-ўсходняя частка Эўразьвязу ў гэтым сэнсе ня мае значэньня.

Калі паглядзець на меркаваньні людзей, мова тут не прыярытэт. Перш за ўсе, расейскамоўныя ў Эстоніі — расейцы, украінцы, татары, азэрбайджанцы, армяне — маюць магчымасьць паслаць сваіх дзяцей у расейскамоўныя школы. Гэтыя школы ў Эстоніі фінансуюцца дзяржавай. Мы падтрымліваем дзьвюхмоўную школьную сыстэму, хоць у нас толькі адна афіцыйная мова. На маю думку, гэта цудоўны паказьнік, што Эстонія сапраўды дбае пра нацыянальныя меншасьці.

Нельга сказаць, што калі чалавек больш размаўляе па-расейску, дык ён падтрымлівае расейскія погляды на Савецкі Саюз ці погляды Пуціна на цяперашнюю сытуацыю. Так, яны спажываюць больш расейскай інфармацыі, і сапраўды, сярод расейскамоўнага насельніцтва, асабліва старэйшага, NATO, напрыклад, не карыстаецца такой папулярнасьцю. Але калі вы паглядзіце на гатоўнасьць абараняць Эстонію сярод этнічных эстонцаў і расейцаў, якія ідуць у войска, дык там няма ніякай розьніцы. Гэта больш пытаньне пакаленьняў, чым нацыянальнае пытаньне.

Мы ня бачым фізычнай пагрозы ніводнай краіне NATO. Стрымліваньне з боку NATO заўсёды было адэкватным, прапарцыйным, і ў яго стопрацэнтная гісторыя посьпеху. Таму мы не разглядаем гэта як пагрозу. Але гэта ня значыць, што мы не павінны быць падрыхтаваныя. Нам трэба ўважліва сачыць, што адбываецца на другім баку. Мы павінны настойваць, каб Расея дзялілася інфармацыяй пра свае вучэньні, як вызначана ў міжнародных пагадненьнях. Там вызначана, што калі вучэньні дастаткова вялікія, дык трэба запрашаць назіральнікаў зь іншых краінаў.

Мы, напрыклад, заўважылі, што Беларусь сёлета абвясьціла, што там у вучэньнях будуць удзельнічаць 13 тысяч чалавек. Гэта якраз парог, які патрабуе міжнароднага назіраньня. Звычайна колькасьць удзельнікаў была крыху ніжэйшай — напрыклад 12,850. Гэта паказвае што беларускі бок відавочна хоча прысутнасьці міжнародных назіральнікаў.

Эўразьвяз — выдатная арганізацыя ў тым сэнсе, што ён ніколі не зьняверваецца ні ў кім з сваіх суседзяў. Калі ёсьць магчымасьць спрыяць вяршэнству закону і дэмакратычным каштоўнасьцям, Эўразьвяз заўсёды гатовы да збліжэньня. Могуць адбыцца дыскусіі пра спрашчэньне візавага рэжыму — пакуль гэтага няма, але гэта можа стаць наступным крокам. Калі Эстонія будзе старшыняваць у Радзе Эўразьвязу, адбудзецца саміт «Усходняга партнэрства». Да саміту мы абмяркуем сытуацыю з усімі партнэрамі па Эўразьвязе і пабачым, якія канкрэтныя крокі могуць быць для кожнай краіны-ўдзельніцы «Усходняга партнэрства». Але, вядома ж, цяжка ня быць скептычнымі, калі так доўга назіраеш за Беларусьсю.

Пару тыдняў таму ў Таліне вярхоўная прадстаўніца [Эўразьвязу] Фэдэрыка Магерыні сказала, што краіны на мяжы з Эўразьвязам, якія маюць жаданьне аднойчы далучыцца да ЭЗ, павінны кіравацца вяршэнствам закону і рабіцца разьвітымі дэмакратыямі. І калі яны такімі зробяцца, дык аднойчы дзьверы могуць адчыніцца. Гэта было ў адказ на пытаньне пра Грузію, але яна таксама сказала, што на яе думку Эўрапейскі кантынэнт павінен быць разам. Таму вядома ж, гэта магчыма, калі паглядзець у далейшую будучыню. У той жа час даволі ясна, што ў кароткай пэрспэктыве такая дыскусія не разглядаецца, і гэтым краінам не прапануюць такой пэрспэктывы. Але гэта абсалютна ня значыць, што самі гэтыя краіны ня могуць дэмакратызавацца. Менавіта так Эстонія пачынала свае пераўтварэньні, закладаючы правільны дэмакратычны падмурак. Гэта ў любым выпадку трэба самім краінам.

Гэта будзе абмяркоўвацца і вырашацца партнэрамі па Эўразьвязе. Для мяне галоўная лякмусавая паперка, каб вызначыць, ці сапраўды краіна выбрала дэмакратычны шлях, гэта два фактары — адсутнасьць палітвязьняў і магчымасьць выйграваць судовыя справы ў дзяржавы. Мой добры сябра Эд Лукас [журналіст брытанскага выданьня The Economist] некалі сказаў мне гэта, і ад таго часу я карыстаюся ягоным тэстам. Мая асабістая пазыцыя ў тым, што калі сапраўды ёсьць палітвязьні, дык адназначна трэба рабіць захады ў адказ. Але Эстонія гэта парлямэнцкая дэмакратыя, і пазыцыі дзяржавы прапануюцца ўрадам і ўхваляюцца парлямэнтам.

Я казала, што мяне нічым не расчаравалі падыходы новай адміністрацыі, напрыклад, да Эстоніі. Мы маленькая краіна, але мы атрымалі шмат ўвагі. Напрыклад адбыўся візыт [сьпікера палаты прадстаўнікоў ЗША] Пола Раяна зь вялікай дэлегацыяй. У іншых месцах у Эўропе я сустракалася зь іншымі кангрэсмэнамі і сэнатарамі. Нашыя міністры сустракаліся са сваімі калегамі ў ЗША.

У нас шмат кантактаў, якія пацьвярджаюць прыхільнасьць Злучаных Штатаў да трансатлянтычнага супрацоўніцтва, да NATO, іх разуменьне становішча Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы на паўночна-ўсходнім ускрайку NATO.

Нашае разуменьне ўсебаковых рызыкаў для кожнага з удзельнікаў альянсу таксама падобнае. Дарэчы, усе эстонскія місіі па-за межамі Эстоніі былі на поўдні, а гэта значыць, што мы разумеем рызыкі, зь якімі сутыкаюцца нашыя саюзьнікі, у тым ліку ЗША. Нам няма на што скардзіцца, і мы можам сказаць, што да нас праводзяць замежную палітыку на падмурку каштоўнасьцяў.

Мяне нічога не спыняла ў маёй кар'еры. Але вядома ж, я сутыкалася з перадузятасьцю да мяне ў працы праз тое, што я жанчына, і праз малады ўзрост. Толькі гэта было не ў Эстоніі. Я працавала ў Эўрапейскай падліковай палаце, і часам я там адчувала, як няпроста дабівацца свайго. Але, шчыра кажучы, я здолела пераканаць усіх маіх калегаў, калі мы знаёміліся бліжэй.

Гэта відавочна ня значыць, што Эстонія такая прасунутая. Нам яшчэ трэба шмат працаваць, каб гарантаваць, што жанчыны будуць натуральнай часткай, скажам, палітычнай сцэны. Цяпер у нас каля 20 працэнтаў жанчын у парлямэнце і тры міністаркі ва ўрадзе. Нам ёсьць пра што працягваць дыскусію.

Да прыкладу, калі нехта проста кажа, што, магчыма, варта было б мець роўнае прадстаўніцтва мужчын і жанчын у кіроўных радах вялікіх кампаній, дык такія дэбаты не абыходзяцца без дурных жартаў. Так што нас чакае яшчэ доўгі шлях. Але я проста кажу, што за раўнапраўе трэба змагацца паўсюль і штодня — у Эстоніі і ў іншых краінах.

І гэта тычыцца ня толькі жанчынаў. Гэта тычыцца людзей зь інваліднасьцю, іншага этнічнага паходжаньня. Змаганьне за раўнапраўе ніколі ня спыніцца. Нам трэба супрацьстаяць усім формам забабонаў і абапірацца на нашы гуманістычныя базавыя каштоўнасьці, паўсюль і заўсёды.


***


Керсьці Кальюлайд нарадзілася 30 сьнежня 1969 году ў горадзе Тарту. У 1992 годзе скончыла факультэт біялёгіі Тартускага ўнівэрсытэту. У 2001 годзе тамсама атрымала ступень магістра бізнэс-адміністраваньня. Была кіраўніцай праекту ў аддзеле банкаўскіх інвэстыцый кампаніі Hansapank Markets, дарадцай па эканоміцы прэм'ер-міністра Эстоніі Марта Лаара, дырэктаркай электрастанцыі «Іру», прадстаўніцай Эстоніі ў Эўрапейскай падліковай палаце. 3 кастрычніка 2016 году парлямэнт Эстоніі абраў яе прэзыдэнткай краіны.


Статья на сайте Радыё Свабода: https://www.svaboda.org/a/28518902.html